ВЫКАНА́ЎЧЫ САКРАТАРЫЯ́Т СНД,
цэнтральны каардынацыйны орган Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Створаны паводле рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 14.5.1993 на базе Рабочай групы для арганізац.-тэхн. падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў саветаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Знаходзіцца ў Мінску. Рыхтуе праекты дакументаў для разгляду статутнымі органамі СНД, арганізуе іх прававую экспертызу і ўзгадненне, абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі СНД, фарміруе парадак дня сустрэч на вышэйшым узроўні, выдае інфармац. бюлетэнь СНД. У выканаўчы сакратарыят СНД уваходзяць выканаўчы сакратар (з 1993 І.М.Каратчэня), яго намеснікі, пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў СНД. Мае ўпраўленні па розных кірунках дзейнасці, а таксама аддзелы.
т. 4, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)